Каларадзкі жук па-ўкраінску і нямецкая каска. Глядзіце калекцыю запалак пінскай фабрыкі

 20 января 2020, 10:46
 8352

Пінскіх запалак больш нельга будзе набыць у крамах, бо запалкавая фабрыка «Пінскдрэву» закрылася з новага году. Як выглядалі ўжо гістарычныя запалкі зь Пінску, паказаў пісьменьнік і калекцыянэр Сяргей Чыгрын.

У калекцыі звыш 5 тысяч пушак

Сяргей Чыгрын жыве ў Слоніме, а запалкі мае са ста краінаў сьвету. Калекцыянуе іх з 5-й клясы. Ягоную дзіцячую калекцыю маці спаліла ў печы, калі хлопец пайшоў у войска. Актыўна зьбіраць запалкі наноў ён стаў у апошнія 5 гадоў.

Цяпер ягоная калекцыя налічвае больш за 5 тысяч пушак.

На тэрыторыі Беларусі агулам у розныя часы дзейнічала каля сотні запалкавых фабрык. Цяпер засталася толькі адна буйная — у Барысаве. У Пінску запалкі рабілі 127 гадоў, з 1892 году.

На пытаньне, якія запалкі лепей гараць, барысаўскія ці пінскія, калекцыянэр адказвае, што розьніцы няма.

У зборы Чыгрына каля паўтары сотні пачак пінскіх запалак. Да іх мы прыгледзеліся больш пільна

Пінскія запалкі


Падчас вайны працавала толькі адна запалкавая фабрыка — у Пінску

Зусім старых няма. Пушка канца XIX стагодзьдзя на аўкцыёнах можа каштаваць 1000 даляраў.

Самая раньняя пушка датуецца 1940-м годам. На ёй рэкляма барацьбы з каларадзкім жуком. Надпіс на ўкраінскай мове, бо запалкі рабілі для Ўкраіны.

Запалкі 1940 году з афармленьнем па-ўкраінску

Каларадзкі жук сустракаецца і на іншых этыкетках, ужо на расейскай мове.

Яшчэ адна пушка 1940 году падпісана на дзьвюх мовах. «Пінск» напісалі па-беларуску, а назву фабрыкі, на той час «17 сентября», на расейскай мове.

Запалкі 1940 году зь беларускай і расейскай мовамі

Трэцяя па часе — акупацыйная пушка з выявай нямецкай каскі 1943 году. Яе Чыгрыну падарыў незнаёмец, які ведаў пра ягонае хобі.

Падчас апошняй вайны на тэрыторыі Беларусі працавала толькі адна Пінская фабрыка. Запалкі выходзілі з этыкеткамі на беларускай і нямецкай мове «Фабрыка сярнічкоў Пінску» («сярнічкі» паходзіць ад польскай назвы запалак «siarniczki»).

Запалкі зь нямецкай каскай, 1943 год

«Больш у Беларусі тады запалак не было. Такімі запалкамі карысталіся і немцы, і партызаны, і вяскоўцы. Калі немцы, якія ахоўвалі чыгунку, бачылі [пушку ад запалак], яны не маглі зразумець, ці гэта немцы выкінулі, ці партызаны. Запалкі таксама „ваявалі“, але не выдавалі людзей», — расказвае пісьменьнік.

Калекцыянэр ведае, што на ранейшых запалках 1930-х гадоў друкавалі чалюскінцаў (удзельнікаў арктычнага рэйсу парахода «Чалюскін», які затануў).


«Калі б надрукавалі партрэт Сталіна, усіх бы расстралялі»

Да 1953 году на запалках нельга было друкаваць выяву Сталіна, а Леніна можна. Чыгрын памятае пушку тых часоў з крамлёўскай вежай і надпісам па-беларуску «Слава Сталіну».

«Калі б надрукавалі партрэт Сталіна, усіх бы расстралялі», — кажа ён.

Яшчэ школьнікам калекцыянэр добра запомніў запалкі 1970-х гадоў, якія тады ўжо пачаў зьбіраць.

«Памятаю рэкляму савецкага цырку ў 1970-я гады. Яны проста пісалі „Цырк“, быў мядзьведзь, які выступае. Памятаю запалкі з правіламі дарожнага руху», — расказвае суразмоўца.

У савецкі час шмат увагі нават на запалках прысьвячалася камсамолу, космасу, спорту, апошняй вайне, ахове прыроды.

Савецкія запалкі

Савецкая роварная сэрыя

Савецкія лесаводы на запалках


Адзіную «беларускую» сэрыю прысьвяцілі Янку Купалу і Якубу Коласу

«Ніводная фабрыка ня выпусьціла нацыянальнага героя на этыкетках. Якая палітыка была хітрая... Калі быў загад пад нейкі зьезд КПСС, усе друкавалі на запалках рэкляму зьезду», — абураецца калекцыянэр.

Адну беларускаарыентаваную сэрыю ўсё ж выдалі. У 1967 годзе да 85-годзьдзя песьняроў зрабілі запалкі з партрэтамі Янкі Купалы, Якуба Коласа і зьвязанымі зь імі мясьцінамі. Такія сэрыі надрукавалі і пінская, і барысаўская фабрыкі.

Пінскія запалкі з выявай хаты Янкі Купалы ў Вязынцы, 1967 год

Ёсьць у калекцыі Сяргея Чыгрына не асобныя карабкі, а цэлыя сувэнірныя наборы. Яны каштуюць 80–120 рублёў. Набыць іх, як звычайныя запалкі ў краме, нельга было. Яны выходзілі абмежаваныя накладам як падарункавыя наборы.

Сувэнірны набор «Зямля беларуская» са славутымі мясьцінамі Беларусі, 1969 год

Сувэнірны набор да 100-годзьдзя Пінскай фабрыкі, 1992 год

Калекцыянэр тлумачыць, што да 1970-х гадоў запалкі пакавалі ў цьвёрдыя, з дрэва, скрыначкі, пазьней — у мяккія, з кардону. Да 1970-х гадоў этыкетка наклейвалася на пачак, з 1980-х іх пачалі друкаваць проста на кардоне

Сёньня ў пачках розная колькасьць запалак. У СССР на карабку пісалі: «75 штук».

На пачку пазначана, што запалак роўна 75 штук

Сярод сучасных запалак у Чыгрына ёсьць доўгія (каля 15 сантымэтраў) для каміна. Кажа, што пачак каштаваў 3 рублі, што досыць дорага для запалак.

Камінныя запалкі зь Пінску

Пінскую фабрыку ўратавала б фантазія

Сяргей Чыгрын мяркуе, што пінскую фабрыку можна было ўратаваць ад закрыцьця.

«Я так і думаў, што пінская фабрыка неўзабаве закрыецца, бо яна не выпускае нічога новага, як робіць барысаўская», — кажа пісьменьнік.

Барысаўская фабрыка ў апошнія гады выпускала тэматычныя запалкі з гербамі гарадоў Беларусі, замкамі Беларусі, зброяй часоў апошняй вайны. Сяргей Чыгрын перакананы, што гэта павысіла рэалізацыю іхнай прадукцыі ў некалькі разоў.

Ён прыводзіць у прыклад менскую прыватную фірму, якая вырабляе запалкі ня толькі ў стандартных пушках, але і з прэзэрватывам ва ўпакоўцы, і з партрэтам замоўніка на этыкетцы.

Ён паказвае свае скарбы з розных краінаў. Набор расейскіх запалак выпусьцілі па матывах рамана «Вайна і мір». Аўстрыйская фірма надрукавала фота эўрапейскіх гарадоў у добрай якасьці. Менская прыватная фірма надрукавала беларускія арнамэнты з тлумачэньнямі. Піцерцы нанеслі на пачкі густоўныя чорна-белыя фатаграфіі паўночнай сталіцы Расеі.

«У Расеі шмат філюмэністычных клюбаў [філюмэніст — той, хто калекцыянуе запалкі], якія прапануюць заводам варыянты этыкетак, і тыя іх слухаюцца», — кажа Чыгрын.

У Чэхіі ён бачыў запалкі даўжынёй у мэтар. У сваёй калекцыі мае нават набор, прысьвечаны паўстаньню Тадэвуша Касьцюшкі, але зноў не беларускай вытворчасьці, а з польскага Ўроцлава.

Паўстаньне Касьцюшкі на запалках з Уроцлава

«А пінская фабрыка гадоў дзесяць друкавала жоўтага вярблюда. Потым яны таксама вырашылі прыдумаць нешта крэатыўнае і паказалі, што можна складваць з запалак», — камэнтуе Чыгрын.

Пінскія «запалкі пра запалкі»

Да таго ж у апошні час на пінскіх запалках пераважна зьяўлялася рэкляма мэблі «Пінскдрэву».

Так выглядалі апошнія запалкі Пінскай фабрыкі

«Зрабілі б да Дня пісьменства набор беларускіх пісьменьнікаў — і была б рэалізацыя. Чаму б у нас ня выдаць набор пра Быкава, Шамякіна? Гэта ў школе б паказалі дзецям. Дзецям такое падабаецца», — кажа пісьменьнік, які часам разглядае сваю калекцыю з малымі ўнучкамі.

Гатовы падараваць сваю калекцыю коштам 10 тысяч даляраў музэю

У Беларусі філюмэністычных клюбаў няма. Наагул філюмэністаў няшмат. Сяргей Чыгрын мяркуе, што ягоная калекцыя запалак — найбольшая. Ён яе ацэньвае ў 10 тысяч даляраў. Але гатовы падараваць музэю, які б паклапаціўся пра ягоны скарб і стварыў сталую экспазыцыю. Музэю запалак у Беларусі няма.

«Музэй запалак» Сяргея Чыгрына месьціцца ў шуфлядах

Налета Сяргей Чыгрын мяркуе выдаць кнігу, прысьвечаную беларускім запалкам. У ёй будзе і разьдзел пра пінскія, якія ўжо сталі гісторыяй.

Интересная новость? Поделись с друзьями!

PINSK.EU, новости Пинска